АКАДЭ́МІЯ ПЛАТО́НАЎСКАЯ,

старажытнагрэчаская філас. школа. Засн. Платонам каля 387 да н.э. каля Афін. Існавала да 529 н.э. Сцвярджала традыцыю аб’ектыўнага ідэалізму. У гісторыі акадэміі платонаўскай вылучаюць: Стараж. Акадэмію (Платон, Спеўсіп, Ксенакрат), якая падтрымлівала піфагарэізм і распрацоўвала праблемы матэматыкі, натурфіласофіі, дыялектыкі; Сярэднюю (Аркесілай, Лакід) і Новую (Карнеад) акадэміі, якія з пазіцый скептыцызму выступалі супраць вучэння стоікаў; т.зв. 4-ю і 5-ю акадэміі, якія эклектычна злучалі платонаўскі ідэалізм са стаіцызмам, піфагарэізмам, арыстацелізмам. З 4 ст. акадэмія платонаўская развівала вучэнне неаплатанізму. У эпоху Адраджэння акадэмія платонаўская адноўлена ў Фларэнцыі (1459—1521; М.Фічына, Піка дэла Мірандала). Ідэі акадэміі платонаўскай на Беларусі знайшлі адлюстраванне ў поглядах Ф.Скарыны, С.Буднага і інш.

Г.У.Грушавы.

т. 1, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)